СІБІ́РСКАЯ Я́ЗВА,

вострая інфекцыйная хвароба жывёл і чалавека, якая характарызуецца пашкоджаннем скуры з утварэннем карбункулаў. Узбуджальнік — сібіраязвавая палачка (Bacillus antracis), у чыстай культуры вылучаны Р.​Кохам (1876). Споры С.я. захоўваюцца ў глебе дзесяткі гадоў. Крыніца інфекцыі — хворыя жывёлы (каровы, коні, авечкі, козы і інш.).

Чалавек заражаецца пры доглядзе за хворай жывёлай, апрацоўцы жывёльнай сыравіны, ужыванні заражаных мясных і малочных прадуктаў. Найчасцей заражэнне адбываецца кантактна-бытавым шляхам, таксама бывае аліментарным, паветрана-кропельным і трансмісіўным (пры ўкусах насякомых-крывасосаў, — сляпнёў, мух-жыгалак). Успышкі С.я. часцей назіраюцца ў летні перыяд. Формы С.я.: скурная, лёгачная, кішэчная і септычная (ускладненне папярэдніх). Пры скурнай форме С.я. ўзбуджальнік пранікае праз мікратраўмы, парэзы, трэшчыны на скуры; узнікае чырв. пляма, пазней утвараецца язва, укрытая цёмнай коркай (адсюль лац. назва С.я. anthrax вугаль). Вакол язвы дробныя пухіркі ў выглядзе караляў, якія разбураюцца і павялічваюць язву. У час фарміравання язвы т-ра цела да 40 °C, галаўны боль, моташнасць, ірвота. Астатнія формы С.я. працякаюць вельмі цяжка, з высокай смяротнасцю. Лячэнне тэрапеўтычнае. Жывёлы пры звышвострым цячэнні С.я. гінуць праз 1—2 дні і нават раптоўна. Фактары перадачы ўзбуджальніка — інфіцыраваная глеба, трупы жывёл, кармы, вада, подсціл. У перахварэлых жывёл ствараецца трывалы імунітэт.

А.​А.​Астапаў.

т. 14, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)